Па папярэдніх выніках конкурсу ў сферы вынаходніцтва «Лепшы патэнт Беларусі» вызначаны 15 фіналістаў, адным з якіх стала закрытае акцыянернае таварыства «Салігорскі Інстытут праблем рэсурсазберажэння з Доследнай вытворчасцю». Названая арганізацыя больш за 30 гадоў распрацоўвае і вырабляе горна-шахтавае, горна-хімічнае, пад'ёмна-транспартнае, земляройнае, буравое і спецыяльнае абсталяванне, а таксама рэсурсазберагальныя сістэмы распрацоўкі калійных радовішчаў і правядзення геолагаразведачных работ.
На конкурс прадстаўлены распрацаваны ЗАТ «Салігорскі Інстытут праблем рэсурсазберажэння з Доследнай вытворчасцю» кратцар-кран, які ахоўваецца патэнтам на вынаходства Рэспублікі Беларусь № 23755.
Дадзеная тэхнічная канструкцыя ўяўляе сабой самаходны скрабалкавы разгрузчык, які выкарыстоўваецца ў складзе канвеерных ліній пры разгрузцы буйнатанажных складоў сыпкіх матэрыялаў прамысловых і транспартна-лагістычных комплексаў.
Адной з найважнейшых задач вынаходства з'яўляецца канструктарскае забеспячэнне імпартазамяшчальнай і экспартна арыентаванай вытворчасці ў Беларусі высокапрадукцыйных партальных кратцар-кранаў з тэхніка-эканамічнымі характарыстыкамі, якія не саступаюць лепшым замежным аналагам.
У цяперашні час кратцар-краны па патэнце на вынаходства Рэспублікі Беларусь № 23755 вырабляюцца па заказе буйных горна-хімічных прадпрыемстваў Беларусі і Расіі для ўнутрызаводскіх і транспартна-лагістычных складскіх комплексаў.
Нагадаем, што вызначэнне пераможцы конкурсу і ўзнагароджанне адбудзецца ў рамках IV Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Інтэлектуальная ўласнасць у сучасным свеце: выклікі часу і перспектывы развіцця», якая пройдзе 22-23 кастрычніка 2024 г.
Жадаем поспеху фіналісту конкурсу «Лепшы патэнт Беларусі»!
Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram, VK).