У Мінску адкрылася Летняя школа САІУ
27 мая 2024
Падзеі
27 мая 2024 г. у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі пачала сваю працу Летняя школа Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці (САІУ). Арганізатарамі выступілі САІУ, Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь (ДКНТ), Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці (НЦІУ). Мерапрыемства сабрала больш за 100 слухачоў.
На адкрыцці Летняй школы з прывітальным словам выступілі першы намеснік старшыні ДКНТ Дзяніс Каржыцкі, в. а. кіраўніка праграм акадэмічнай падрыхтоўкі САІУ Марта Чыкаворэ (анлайн), генеральны дырэктар НЦІУ Уладзімір Рабаволаў, намеснік генеральнага дырэктара – дырэктар па навуцы і інфармацыйных тэхналогіях Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандр Бабук, галоўны саветнік закрытага акцыянернага таварыства «Галаграфічная індустрыя», заслужаны вынаходнік Рэспублікі Беларусь Леанід Танін.
У цэнтры ўвагі першага дня мерапрыемства – прэзентацыя праграмы Летняй школы САІУ, абмеркаванне асноўных аспектаў дзейнасці САІУ, новых тэндэнцый у сферы інтэлектуальнай уласнасці (ІУ), уплыву сучасных тэхналогій на калектыўнае кіраванне правамі і інш.
Завершыцца першы дзень наведваннем Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці.
Нагадаем, што Летняя школа праходзіць з 27 мая па 7 чэрвеня 2024 г. у рамках рэалізацыі Мемарандума аб узаемаразуменні паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і САІУ, а таксама ў адпаведнасці са Стратэгіяй Рэспублікі Беларусь у сферы ІУ.
Дадзены праект дае унікальную магчымасць студэнтам старэйшых курсаў, маладым спецыялістам, экспертам у галіне ІУ і прадстаўнікам органаў дзяржаўнага кіравання атрымаць больш глыбокія веды па кожным з аспектаў ІУ, а таксама вывучыць ролю і функцыі, якія бярэ на сябе САІУ.
Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).
Фота: Алена Васіленка