На шляху да фіналу конкурсу ў сферы вынаходніцтва «Лепшы патэнт Беларусі»: ПДУ імя Еўфрасінні Полацкай

15 октября 2024

Падзеі

Па папярэдніх выніках конкурсу ў сферы вынаходніцтва «Лепшы патэнт Беларусі» вызначаны 15 фіналістаў, адным з якіх стала ўстанова адукацыі «Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Еўфрасінні Полацкай» – інтэлектуальны і культурны цэнтр рэгіёна, драйвер яго эканамічнага развіцця. ПДУ імя Еўфрасінні Полацкай не асобная структура, а цэлая экасістэма, якая аб'ядноўвае адукацыю і навуку, прамысловасць і бізнес, чалавечыя і арганізацыйныя рэсурсы.

На конкурс прадстаўлены распрацаваны ПДУ імя Еўфрасінні Полацкай «Будаўнічы канструкцыйна-цеплаізаляцыйны матэрыял», які ахоўваецца еўразійскім патэнтам на вынаходства № 047578.

Вынаходства належыць вытворчасці будаўнічых матэрыялаў і выкарыстоўваецца для вырабу канструкцыйна-цеплаізаляцыйных вырабаў, якія ўжываюцца пры будаўніцтве і рэканструкцыі будынкаў і збудаванняў. Прапанаваны будаўнічы канструкцыйна-цеплаізаляцыйны матэрыял ўключае ў якасці арганічнага запаўняльніка здробненую салому з фракцыяй 3-50 мм і формай часціц у выглядзе пласцін.

Перавагі распрацоўкі заключаюцца ў тым, што ў адрозненні ад аналагаў сценавыя вырабы на аснове запатэнтаванага матэрыялу лёгка ўзводзяцца на складаных грунтах, не патрабуючы магутных падмуркаў, валодаюць высокім узроўнем цепла- і гукаізаляцыі за кошт прыроднай структуры саломы. Салома з'яўляецца хутка аднаўляльнай сыравіннай крыніцай, якая не ўплывае адмоўна на навакольнае асяроддзе. Шматфункцыянальнасць вынаходства выяўляецца ў выглядзе захавання цяпла зімой і прахалоды летам. Забяспечваецца доўгатэрміновая абарона ад волкасці, не патрабуюцца дадатковы догляд і апрацоўка матэрыялу для гэтых мэтаў. Невялікая вага вырабаў пры забеспячэнні эксплуатацыйных уласцівасцяў дазваляе выкарыстоўваць іх як для апорных сцен, так і для лёгкіх перагародак. У склад блокаў уваходзяць экалагічна бяспечныя кампаненты – салома злакавых культур, цэмент.

Марозаўстойлівасць распрацаванага будаўнічага канструкцыйна-цеплаізаляцыйнага матэрыялу ў 2,85 разы вышэй, чым у прататыпаў. Пры гэтым трывальныя паказчыкі павышаюцца на 12-30 %. Такім чынам, заяўлены матэрыял валодае падвышанымі эксплуатацыйнымі ўласцівасцямі ў параўнанні з прататыпамі.

Прадстаўлены будаўнічы канструкцыйна-цеплаізаляцыйны матэрыял па еўразійскаму патэнту на вынаходства № 047578 дае магчымасць паменшыць цепластраты, што прыводзіць да зніжэння расходу энерганосьбітаў на ацяпленне будынка. У выніку зніжаюцца выдаткі на аплату рахункаў за ацяпленне (энерганосьбіты) або на закупку паліва. Прымяненне экалагічна чыстага матэрыялу паляпшае санітарна-гігіенічныя ўмовы жылых і вытворчых памяшканняў. Акрамя таго, распрацоўка дазваляе рацыянальна утылізаваць шматтанажныя адходы сельскагаспадарчай вытворчасці.

Нагадаем, што вызначэнне пераможцы конкурсу і ўзнагароджанне адбудзецца ў рамках IV Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Інтэлектуальная ўласнасць у сучасным свеце: выклікі часу і перспектывы развіцця», якая пройдзе 22-23 кастрычніка 2024 г.

Жадаем поспеху фіналісту конкурсу «Лепшы патэнт Беларусі»!

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (FacebookInstagramTelegram, VK).


Фота: Ніна Дубовік