А. Заяц: Суб'ектам транспартна-лагістычнай сістэмы неабходна больш актыўна выкарыстоўваць інструменты інтэлектуальнай уласнасці

13 сентября 2024

Падзеі

З 10 па 12 верасня ў Мінску прашоў XIV Міжнародны форум «Транспарт і лагістыка – 2024». Традыцыйна у рамках Беларускага транспартнага тыдня ўдзельнікі пленарных дыскусій, круглых сталоў і канферэнцый абмяркоўваюць сітуацыю ў транспартнай галіне. Арганізатар мерапрыемства – закрытае акцыянернае таварыства «Тэхніка і камунікацыі».

11 верасня 2024 г. у рамках форуму адбылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Лічбавая трансфармацыя транспартнай і лагістычнай дзейнасці: стан і перспектывы».

У пленарнай частцы канферэнцыі выступіў намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці (НЦІУ) Аляксандр Заяц з дакладам на тэму «Асобныя пытанні сферы інтэлектуальнай уласнасці пры трансгранічным перамяшчэнні тавараў і аказання паслуг».

У сваім дакладзе А. Заяц акцэнтаваў увагу на асобных аспектах, якія дазваляюць развіваць і атрымліваць дадатковыя гарантыі пры рэалізацыі бізнесу ў транспартна-лагістычнай сферы шляхам выкарыстання інструментаў інтэлектуальнай уласнасці.

Адным з самых распаўсюджаных аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці, якія выкарыстоўваюцца ў сферы транспарту, з'яўляюцца сродкі індывідуалізацыі, да якіх адносяцца ў тым ліку таварныя знакі: «Таварны знак дапамагае транспартным кампаніям вылучацца на фоне канкурэнтаў. Сёння прававую ахову таварнага знака можна атрымаць шляхам падачы міжнароднай заяўкі або падаць заяўку ў нацыянальнае патэнтнае ведамства».

Даведка:
За апошнія 5 гадоў у НЦІУ было пададзена больш за 800 заявак на рэгістрацыю таварнага знака па нацыянальнай працэдуры рэгістрацыі, якія адносяцца ў тым ліку да класа аказання транспартных паслуг, і больш за 650 заявак – да класа транспартных сродкаў, прадугледжаных Міжнароднай класіфікацыяй тавараў і паслуг.

Намеснік генеральнага дырэктара НЦІУ звярнуў увагу на праблемы, звязаныя з выкарыстаннем музычных твораў у транспарце, а таксама пазначыў шляхі іх вырашэння: «НЦІУ сумесна з Расійскім аўтарскім грамадствам праведзена маштабная праца па ўрэгуляванні пытання ў дачыненні да вызначэння тэрыторыі выкарыстання твораў у пасажырскім транспарце (напрыклад, у турыстычных аўтобусах), які, рухаючыся з адной краіны, перасякае мяжу іншай краіны і працягвае рух па яе тэрыторыі».

Акрамя таго, Аляксандр Заяц растлумачыў, якім чынам ахова прамысловых узораў звязана з эстэтычнымі якасцямі транспартных сродкаў і прадукцыі: «Прамысловы ўзор – гэта важны элемент інтэлектуальнай уласнасці, які абараняе знешні выгляд вырабаў і акцэнтуе ўвагу на эстэтычных якасцях прадукту. У Беларусі, як і ў большасці краін, для атрымання аховы ў адпаведнасці з заканадаўствам неабходна яго зарэгістраваць».

«З 2019 г. у НЦІУ было пададзена больш за 130 заявак на выдачу патэнтаў на прамысловыя ўзоры, якія адносяцца да класа, які змяшчае транспартныя сродкі і пад'ёмныя грузы, прадугледжанага Міжнароднай класіфікацыяй прамысловых узораў», – адзначыў намеснік генеральнага дырэктара НЦІУ.

Даведка:
Атрымаць прававую ахову прамысловага ўзору можна з дапамогай:

  • падачы міжнароднай заяўкі ў рамках Гаагскага пагаднення (рэгістрацыя на тэрыторыі 97 краін);
  • падачы заяўкі па рэгіянальнай працэдуры рэгістрацыі;
  • падачы заяўкі ў нацыянальнае патэнтнае ведамства краіны, на тэрыторыі якой просіцца прававая ахова.

З відэазапісам выступу можна азнаёміцца па спасылцы.

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (FacebookInstagramTelegram, VK).


Фота: youtube.com/@transportlogisticby