На шляху да фіналу конкурсу ў сферы вынаходніцтва «Лепшы патэнт Беларусі»: ААТ «АГАТ – сістэмы кіравання»
10 октября 2024
Падзеі
Па папярэдніх выніках конкурсу ў сферы вынаходніцтва «Лепшы патэнт Беларусі» вызначаны 15 фіналістаў, адным з якіх стала адкрытае акцыянернае таварыства «АГАТ – сістэмы кіравання» – кіруючая кампанія холдынгу «Геаінфармацыйныя сістэмы кіравання» – адно з вядучых прадпрыемстваў Рэспублікі Беларусь па стварэнні аўтаматызаваных сістэм кіравання абароннага і вытворча-тэхнічнага прызначэння, сістэм і сродкаў навігацыі, сістэм і сродкаў сувязі і перадачы даных, паветраных і наземных рабатызаваных платформаў, комплексаў і тэхнічных сродкаў для энергетыкі, транспарту, бяспекі, тэлекамунікацый, навігацыйных і інфармацыйных тэхналогій, сістэм жыццезабеспячэння і электрасілкавання і аказанні паслуг па кібербяспецы.
На конкурс прадстаўлены распрацаваны ААТ «АГАТ – сістэмы кіравання» «Сістэмны модуль вылічальнай машыны», які ахоўваецца патэнтам Рэспублікі Беларусь на карысную мадэль № 10950.
Сістэмны модуль уяўляе сабой літой корпус радыятарнага тыпу. Тэхнічнае рашэнне дазволіла стварыць надзейны шматфункцыянальны выраб «Машына вылічальная БК402-02С» з выдатнымі асноўнымі і эксплуатацыйнымі характарыстыкамі, з высокімі паказчыкамі абароны ад механічных уздзеянняў, ад пранікнення пылу і вільгаці. Акрамя таго, тэхнічнае рашэнне спрашчае працэсы праектавання, вырабу і зборкі, павялічвае прадукцыйнасць, колькасць падключаемых знешніх прылад да вырабу, надзейнасць захавання інфармацыі, а таксама забяспечвае найбольш поўнае і эфектыўнае выкарыстанне яго функцыянальных магчымасцяў.
У цяперашні час прадстаўлены сістэмны модуль вылічальнай машыны па патэнце на карысную мадэль № 10950 ужываецца ў вырабах спецыяльнага прызначэння, якія выкарыстоўваюцца ў ваенных і грамадзянскіх аб'ектах аўтаматызаваных сістэм кіравання ў мабільных і стацыянарных умовах пры ўздзеянні знешніх неспрыяльных фактараў, і адносіцца да прылад апрацоўкі лічбавых даных.
Нагадаем, што вызначэнне пераможцы конкурсу і ўзнагароджанне адбудзецца ў рамках IV Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Інтэлектуальная ўласнасць у сучасным свеце: выклікі часу і перспектывы развіцця», якая пройдзе 22-23 кастрычніка 2024 г.
Жадаем поспеху фіналісту конкурсу «Лепшы патэнт Беларусі»!
Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram, VK).
Фота: Ніна Дубовік