А. Заяц: НЦІУ кіруе правамі больш за 6 тысяч нацыянальных аўтараў і праваўладальнікаў
10 апреля 2025
Падзеі
10 красавіка 2025 г. у рамках семінара «Нацыянальны кантэнт у эфіры беларускіх радыёстанцый» з дакладам на тэму «Роля і месца Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці ў забеспячэнні правамернага выкарыстання музычных твораў радыёкампаніямі» выступіў намеснік генеральнага дырэктара НЦІУ Аляксандр Заяц.

У сваім дакладзе А. Заяц адзначыў, што ведамства працягвае паспяхова выконваць свае функцыі як арганізацыя па калектыўным кіраванні маёмаснымі правамі аўтараў і іншых праваўладальнікаў. Па стане на 31 сакавіка 2025 г. з НЦІУ заключана 7779 дагавораў, што сведчыць аб росце цікавасці да спрашчэння працэсаў выкарыстання музычных твораў.
«Ключавая задача – наладзіць эфектыўнае ўзаемадзеянне паміж аўтарамі і карыстальнікамі, што дазваляе аўтарам атрымліваць законнае ўзнагароджанне, а карыстальнікам – зэканоміць час і грошы», – падкрэсліў намеснік генеральнага дырэктара.
Сёння НЦІУ ажыццяўляе свае паўнамоцтвы па калектыўным кіраванні ў рамках 6357 дагавораў з нацыянальнымі аўтарамі і праваўладальнікамі: «У 2024 г. беларускім аўтарам было выплачана звыш 5 млн бел. руб. за выкарыстанне іх твораў».
Аднак, па словах А. Зайца, узнікаюць пытанні аб неабходнасці заключэння асобных дагавораў для кожнага спосабу выкарыстання музычных твораў. «Пры заключэнні дагавора на інтэрнэт-вяшчанне вы не атрымліваеце аўтаматычнага дазволу на эфірнае вяшчанне, і карыстальнікі павінны ўважліва вывучаць ўмовы дагавораў», – дадаў намеснік генеральнага дырэктара НЦІУ.
Даведка:
У 2023 г. НЦІУ атрымаў акрэдытацыю для збору ўзнагароджанняў за публічнае выкананне, эфірную перадачу і іншыя формы распаўсюджвання фанаграм.
Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram, VK).
Фота: Наталля Багдановіч