А. Курман: Брэнд «Зроблена ў Беларусі» паспяхова пазіцыяніруецца на розных экспартных рынках
6 июня 2025
Падзеі
5 чэрвеня 2025 г. у рамках 35-й Міжнароднай спецыялізаванай выставы «Белагра-2025» адбыўся навукова-практычны семінар «Прававая ахова і камерцыялізацыя вынікаў інтэлектуальнай дзейнасці». Арганізатары – Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці (НЦІУ).
З прывітальным словам выступіў генеральны дырэктар НЦІУ Аляксей Курман, які адзначыў значны рост экспартных паставак, у тым ліку сельскагаспадарчай і перапрацоўчай прадукцыі, якая адносіцца да аграпрамысловага комплексу: «Беларуская прадукцыя асацыіруецца з надзейнасцю, экалагічнасцю і высокай якасцю, а брэнд «Зроблена ў Беларусі» паспяхова пазіцыяніруецца на розных экспартных рынках як блізкай, так і далёкай дугі. Ва ўмовах нарастальнай канкурэнцыі абарона прадукцыі на нацыянальным і міжнародным узроўнях набывае асаблівую актуальнасць, і тут інструменты інтэлектуальнай уласнасці адыгрываюць ключавую ролю».
У ходзе мерапрыемства ўдзельнікі абмеркавалі пытанні аховы прамысловай уласнасці ў кантэксце інавацыйнага развіцця прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу і забеспячэння нацыянальнай харчовай бяспекі. Эксперты закранулі спецыфічныя аспекты распараджэння правамі на аб'екты прамысловай уласнасці на ўнутраным і на знешнім рынках.
У якасці спікераў прынялі ўдзел эксперты НЦІУ, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Дзяржаўнай інспекцыі па выпрабоўванні і ахове сартоў раслін, Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта.
Слухачамі семінара сталі прадстаўнікі больш за 40 арганізацый і прадпрыемстваў – усяго больш за 70 удзельнікаў.
За актыўны ўдзел у працы выставы НЦІУ адзначаны дыпломам.
Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram, VK).
Фота: Алена Васіленка