Па папярэдніх выніках конкурсу ў сферы вынаходніцтва «Лепшы патэнт Беларусi» вызначаны 15 фіналістаў, адным з якіх стала адкрытае акцыянернае таварыства «Магатэкс» – найбуйнейшы вытворца тэкстыльнай прадукцыі ў Рэспубліцы Беларусь, прызнаны лідар на рынку краін блізкага і далёкага замежжа.
На конкурс прадстаўлены распрацаваныя ААТ «Магатэкс» «Водаўстойлівая тканіна і спосаб вытворчасці водаўстойлівай тканіны», якія ахоўваюцца Еўразійскім патэнтам на вынаходства № 013350.
Асноўнымі перавагамі спосабу вытворчасці прадстаўленай водаўстойлівай тканіны з'яўляюцца: паляпшэнне паказчыкаў якасці, кароткія тэхналагічныя цыклы, змяншэнне кошту прадукцыі, экалагічная бяспека і мінімізацыя фактараў забруджвання навакольнага асяроддзя. Просты і лёгкакіравальны тэхналагічны цыкл апрацоўкі тканіны, якаснае нанясенне плёнкавага пакрыцця за кошт стабільнасці працэсу гарантуюць выпуск прадукцыі, якая адпавядае патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў.
Водаўстойлівая тканіна з плёнкавым пакрыццём па Еўразійскім патэнце на вынаходства № 013350 шырока ўжываецца ў вытворчасці куртачных і скургалантарэйных вырабаў, палатак і тэнтаў, форменнай адзежы і спецабмундзіравання, сталовай бялізны, вырабаў гаспадарча-бытавога прызначэння, вырабаў для спорту, турызму і актыўнага адпачынку і многіх іншых вырабаў.
Нагадаем, што вызначэнне пераможцы конкурсу і ўзнагароджанне адбудзецца ў рамках IV Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Інтэлектуальная ўласнасць у сучасным свеце: выклікі часу і перспектывы развіцця», якая пройдзе 22-23 кастрычніка 2024 г.
Жадаем поспеху фіналісту конкурсу «Лепшы патэнт Беларусі»!
Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram, VK).